З 17 па 22 снежня ў Маскве (Расія) праходзіў чэмпіянат Еўропы па шашках-100. Міхаіл Семянюк - чэмпіён Еўропы ў класічнай праграме! Проста неверагоднае заканчэнне і так бліскучага спартыўнага года для Міхаіла! У шашкі-64 ён стаў абсалютным чэмпіёнам Еўропы і свету сярод юніёраў, заваяваўшы па тры залатыя медалі. У шашкі-100 перамог у класічнай праграме чэмпіянатаў Еўропы і свету сярод юніёраў, стаў лепшым на першай дошцы моладзевага каманднага чэмпіяната свету і прывёў каманду Беларусі да бронзы. І вось сенсацыйная перамога ў чэмпіянаце Еўропы сярод мужчын! Акрамя золата ўзнагародай Міхаілу стануць званне міжнароднага гросмайстра і пуцёўка на чэмпіянат свету 2019 года, які адбудзецца з 14 верасня па 2 кастрычніка ў Ямусукра (Кот д'Івуар). Віншуем Міхаіла і яго трэнераў! Пуцёўку на чэмпіянат свету заваяваў і Яўген Ватуцін, які стаў чацвёртым. У жаночым чэмпіянаце толькі паражэнне ў апошнім туры адкінула за межы прызавой тройкі Дар'ю Федаровіч. У выніковай табліцы яна на пятым месцы, Паліна Петрусёва стала дзевятай. Абедзве яны кваліфікаваліся на чэмпіянат свету, які пройдзе з 9 па 22 чэрвеня 2019 года ў Якуцку (Расія). Там жа выступіць і першы нумар сусветнага рэйтынгу Вольга Федаровіч, якая прайшла кваліфікацыю раней. Афіцыйная старонка чэмпіянату Еўропы. |