Да 110-годдзя Аркадзя Ракітніцкага

Дата 2021/4/8 9:40:00 | Раздел: Гісторыя беларускіх шашак

8 красавіка спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Ракітніцкага – чалавека, які зрабіў неверагодна многа для папулярызацыі і развіцця беларускіх шашак.
Аркадзь Венядзіктавіч – майстар спорту СССР, заслужаны трэнер БССР, чэмпіён Беларусі па рускіх шашках 1952 і 1954 гадоў, шматгадовы дырэктар Рэспубліканскага шахматна-шашачнага клуба, вядучы шашачнага клуба “Белыя і чорныя” на беларускім тэлебачанні, аўтар васьмі кніг, рэдактар шашачных аддзелаў у шматлікіх газетах і часопісах.
Аркадзь Ракітніцкі нарадзіўся 8 красавіка 1911 года ў Мінску. Бацька займаў высокую пасаду на Лібава-Роменскай чыгунцы. Неўзабаве пачалася Першая сусветная вайна і сям’я Ракітніцкіх была эвакуіравана ў горад Рамны Палтаўскай губерніі. Вярнуліся ў Мінск яны толькі ў лістападзе 1925 года.

Юны Аркадзь актыўна ўключыўся ў шашачнае жыццё Мінска і Беларусі – удзельнічаў у турнірах, стаў складаць задачы і эцюды. Прыйшлі першыя поспехі: ён перамог у чэмпіянаце Мінска, пачаў рэдагаваць аддзел шашак у адной з рэспубліканскіх газет. У 1931 годзе прыняў удзел у другім малым чэмпіянаце СССР у Маскве.

З 1928 па 1941 гг. Ракітніцкі працаваў ліцейшчыкам на заводзе “Чырвоны інвалід” і паралельна вучыўся. Ён скончыў Рабфак БДУ (1934) і вячэрнюю драматычную студыю пры БДТ-1 – тэатры імя Я.Купалы (1938).

У гады вайны Аркадзь Ракітніцкі быў на фронце, у партызанскім атрадзе. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, пяцю медалямі.

Пасля вайны пачаў вясці шашачны гурток у мінскім Палацы піянераў, змяніўшы там загінуўшага на Ленінградскім фронце маэстра Іллю Гардона. Ракітніцкі, аднак, працуе там нядоўга і па рэкамендацыі вядомага беларускага шахматыста Г.Верасава становіцца інспектарам па шахматах і шашках у Спарткамітэце Беларусі, а затым, у 1947, дырэктарам Рэспубліканскага шахматна-шашачнага клуба, які ўзначальваў больш за 30 гадоў.

У 1959 годзе Беларускае тэлебачанне вырашыла правесці конкурс няштатных каментатараў па розных відах спорта. У ім прыняло ўдзел мноства жадаючых, у тым ліку і Аркадзь Ракітніцкі. Акторская адукацыя дапамагла, і ў тым жа годзе пачаў выходзіць тэлевізійны шашачны клуб “Белыя і чорныя”, які стаў унікальнай з’явай не толькі беларускага, але і сусветнага тэлебачання – 37 (!) гадоў бесперапыннага выхаду з бяссменным вядучым.
Вось што пісаў мінскі майстар Барыс Берлінкоў у часопісе “Шашки” (1979, №2) у артыкуле, прысвечаным 20-годдзю тэлеклуба.


На ютуб-канале Аляксандра Прэсмана ёсць некалькі алічбаваных фрагментаў выпускаў тэлеклуба "Белыя і чорныя" пачатку 1990-х гадоў: 1, 2, 3, 4.

У 1971 годзе да 60-годдзя Аркадзя Ракітніцкага выйшаў артыкул у газеце “Физкультурник Белоруссии” (№ 80).


Пражыўшы доўгае і цікавае жыццё, памёр Аркадзь Ракітніцкі ў 2004 годзе. Цяжка пераацаніць яго ўклад ў папулярызацыю шашак у Беларусі. Акрамя тэлеклуба “Белыя і чорныя”, гэта безліч лекцый і сеансаў адначасовай гульні па ўсёй рэспубліцы. Арганізацыя шматлікіх турніраў. Велізарная колькасць шашачных аддзелаў у газетах і часопісах, якія ён рэдагаваў. Восем кніг, на якіх выраслі многія пакаленні шашыстаў.

Дарчы надпіс Ракітніцкага Ізраілю Бельскаму на сваёй першай кнізе “У дапамогу пачынаючаму шашысту” (1954). З архіва Міхаіла Бельскага.


Падрыхтаваў Віталь Аніська



Эта статья взята с сайта
http://belarus.fmjd.org

Адрес этой статьи:
http://belarus.fmjd.org/modules/news/article.php?storyid=1448